ТАЙПІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1851—64,
апошняя ў гісторыі Кітая вял. сял. вайна. У значнай ступені абумоўлена перанаселенасцю краіны і звязаным з ёй недахопам ворнай зямлі. Становішча пагаршалася паражэннем Кітая ў англа-кітайскай вайне 1840—42 і ўцечкай серабра з Кітая ў выніку еўрап. кантрабанды опіуму, што выклікала фін.-эканам. крызіс. Няздольнасць урада маньчжурскай дынастыі Цын вырашыць праблемы краіны прывяла ў 1841—49 да шэрагу нар. паўстанняў. Заснавальнік руху тайпінаў — вясковы настаўнік Хун Сюцюань, які ў 1843 стварыў «Таварыства пакланення нябеснаму ўладару» (Байшандзіхуй). Ідэйнай асновай таварыства абвешчана хрысціянства, але ў інтэрпрэтацыі Хун Сюцюаня хрысц. ідэя адзінага Бога спалучалася з традыц. кіт. ўяўленнямі аб сац. роўнасці і справядлівасці — тайпін (кіт. «вял. роўнасць» — адсюль Т.п.). 11.1.1851 таварыства пачало паўстанне пад лозунгам стварэння «Нябеснай дзяржавы вял. працвітання» (Тайпін цяньго). Хун Сюцюань абвясціў сябе Цяньванам (нябесным гасударом). Армію і ўрад тайпінаў узначаліў Ян Сюцын. Створанае тайпінамі моцнае дысцыплінаванае войска заняло вял. тэр. на Пд ад р. Янцзы, а ў 1853 — г. Нанкін, які стаў сталіцай тайпінскай дзяржавы. Быў выдадзены дакумент «Зямельная сістэма нябеснай дынастыі», які дэклараваў ураўняльнае размеркаванне зямлі па едаках, але рэалізаваць яго не ўдалося. У 1856 паміж кіраўнікамі руху тайпінаў паглыбіліся супярэчнасці. Са згоды Хун Сюцюаня былі забіты Ян Сюцын і некат. яго паплечнікі. Пасля заканчэння англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 вял. дапамогу цынскаму ўраду ў задушэнні Т.п. аказалі еўрап. дзяржавы. Частковыя поспехі войск тайпінаў на чале з палкаводцам Лі Сючэнам не змаглі прадухіліць паражэнне Т.п. У ліп. 1864 паў Нанкін, Хун Сюцюань скончыў жыццё самагубствам. У 1868 знішчаны апошнія асяродкі паўстання.
Літ.:
Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960;
Илюшечкии В.П. Крестьянская война тайпинов. М., 1967.
У.У.Куніцкі.
т. 15, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)